ЛАТЭ́НТНЫ ПЕРЫ́ЯД, скрыты перыяд,
1)у фізіялогіі — час ад моманту ўздзеяння на арганізм, орган, клетку раздражняльніка да праяўлення рэакцыі ў адказ. Працягласць Л.п. залежыць ад філагенет. і індывід. развіцця арганізма, яго функцыян. стану, складанасці рэакцыі і хуткасці працэсаў у цэнтр. і перыферычных звеннях нерв. сістэмы. Устанаўленне Л.п. мае значэнне ў медыцыне (вызначэнне функцыі здаровага і хворага арганізма), псіхалогіі.
2) Л.п. цяжарнасці — часовая затрымка ў развіцці аплодненага яйца некат. млекакормячых. Напр., апладненне ў барсука адбываецца ў летне-асенні перыяд, а паскоранае развіццё яйцаклеткі — у канцы зімы, таму цяжарнасць працягваецца 9 і болей месяцаў.
3) У медыцыне — першапачатковы скрыты перыяд хваробы, які знешне не праяўляецца; тое, што інкубацыйны перыяд.
У.М.Калюноў.
т. 9, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)